ДИЗАЙН

/ Главная / События /

Адкрыццё фотавыставы "Ступені" 27 сакавіка

27 сакавіка 2015 года а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выставы “Ступені”, арганізаванай Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Фотамастацтва”.

Экспазіцыя выставы ўключае працы фатографаў, якія сталі сябрамі грамадскага аб’яднання зусім нядаўна. Куратары выставы Марына Бацюкова і Міхаіл Гарус прапанавалі ўдзельнікам прадставіць не адзін-два здымка, а серыю фотаработ: такі падыход, на іх думку, дапаможа гледачу лепш ацаніць індывідуальны почырк і стыль кожнага з фатографаў.

“У мінулым годзе і ў пачатку 2015-га ў наша аб'яднанне ўступілі некалькі цікавых фатографаў, іх творчасць заслугоўвае самай пільнай увагі, і мы вырашылі, што выстава – выдатная магчымасць пазнаёміць з імі гледачоў, – распавядае намеснік старшыні БГА “Фотамастацтва” Марына Бацюкова.

“Маладыя фатографы куды больш чым фотамайстры, якія ўжо зацвердзілі сябе, маюць патрэбу ў прадстаўленні сваіх работ публіцы, але часам не маюць магчымасці прасоўваць сябе і сваю творчасць, а часцяком проста не ведаюць, з чаго пачаць. І выстава, безумоўна, добры старт для іх. Але ў дадзеным выпадку хочацца падкрэсліць, што новыя сябры творчага саюза ў фатаграфіі зусім не пачаткоўцы. Некаторыя з іх – ужо даволі вядомыя фотамайстры. І мы жадаем прадэманстраваць шырокай публіцы творчасць людзей, якія папоўнілі шэрагі нашага аб’яднання”.

Што ж чакае гледачоў на “Ступенях”?

Андрэй Васкрасенскі прадставіць на выставе серыі “Секцыя” і “Нацюрморты”, выкананыя ў тэхніцы гуміарабік.

Змены і ператварэнні – сапраўды невычэрпная тэма для мастакоў. Ператварэнні адбываюцца кожнае імгненне, часта яны застаюцца незаўважанымі, але раптам выяўленыя выклікаюць наша захапленне і здзіўленне.

Андрэй Дубінін прадэманструе гледачам серыю “Пад месяцам”.

“Прадметы, аддзеленыя ад сваіх Ідэй – адкрыццё або самападман? – задае пытанне аўтар. – Я іду па начным лесе, узіраюся ў астраўкі святла пад няроўным святлом месяца, заміраю ад кожнага гуку. Інтуіцыя ведае аб свеце больш таго, што ўкладаецца ў мае чаканні, прадстаўленні аб навакольных рэчах. Іду і гляджу вачыма дзіцяці, а кожны прадмет нараджае свой сэнс, не пытаючыся, чым яму пакладзена быць“.

“Сны пратаганіста” Віктара Сянькова – серыя чорна-белых фотаздымкаў, выкананая спосабам цыянатыпіі (стары спосаб манахромнага фатаграфічнага друку, які дае адбіткі блакітнага адцення).

“Акцёры сыходзяць
заслона апускаецца
святло ў зале згасае
гледачы застаюцца сядзець на сваіх месцах
дзверы замыкаюць”
, – ідэя фотасерыі навеяная цытатай з “Сноў пратаганіста” Беба Вошкаша.

Фатаграфічны праект “The Orbit Of Venus” Яўгеніі Мужавай – спроба адказаць на пытанне, што такое прыгажосць.

“Прыгажосць? Гэта разбурэнне або стварэнне? Заўсёды прысутнічае дваістасць моманту. Багіню Венеру заўсёды апявалі як багіню прыгажосці і кахання. З іншага боку планета Венера настолькі жудасная і непрыдатная да жыцця, што ўсё жывое, калі б яно патрапіла туды, у той жа момант загінула. Сімбіёз жаночай прыгажосці і яе разбуральная сіла заўсёды была аб’ектам даследванняў. Каханне – гэта дэструктыўная сіла. Прыгажосць – гэта і ёсць разбурэнне”.

“Дзеці ў спорце” Ірыны Дайнаковай – гэта дакументальны фотапраект пра дзяцей, якія займаюцца ў спартыўных секцыях. Яны ўжо ведаюць, што спорт – гэта сапраўдная цяжкая праца. Але ёсць і адваротны бок медалю: вострае, яркае пачуццё радасці і задавальнення ад паспяхова зробленага элемента або выйгранай гульні. Для фотапраекту адзнятыя трэніроўкі па спартыўнай гімнастыцы, спартыўнай акрабатыцы, плаванні, фігурным катанні, мотакросе, баскетболе.

Серыя работ Людмілы Сідэнка мае назву “Цішыня ў квадраце”.

Слова квадрат сімвалізуе не толькі фармат фотаздымкаў, квадрат – гэта яшчэ два палярных стану, якія заўсёды прысутнічаюць у жыцці, як сум і радасць, ноч і дзень, любоў і страх ...

Але калі-небудзь яны злучацца разам, нараджаючы ЦІШЫНЮ.

Фотаздымкі Марыі Банэ аб’яднаны ў серыю “Сустрэча” і апавядаюць пра перажыванні вопыту паўнаты падзеі, пры якім магчыма разглядзець глыбіню адзін аднаго. Работы выкананы ў 2013 годзе  ў тэхніцы гуміарабік.

Серыя Вольгі Сяргеевай “На Петраградскім баку” выканана ў тэхніцы “сярэбраны адбітак, алей” і ўваходзіць у цыкл “Перавадныя карцінкі”. Цыкл уключае работы 2011 – 2014 гг., знятыя ў розных месцах, аб'яднаныя ідэяй перасячэння, напластавання, узаемапранікнення розных культурных і часовых пластоў, асабістай і агульнай памяці.

Праект Паўла Осіпава “Social Landscapes” – гэта візуальнае даследаванне межаў сацыяльнага ландшафту, пошук прыроднага і чалавечага пачатку, сінтэз іх узаемапранікнення ў адной выяўленчай плоскасці. Гэта ландшафт у ландшафце, дзе логіка і ўзаемасувязі і ёсць сацыяльная катэгорыя пейзажу. Чалавек у такім пейзажы заўсёды дваісты і пасрэдны. З аднаго боку, ён малакаштоўны, незаўважны і другасны, а з другога – гэта грань і кропка адліку.

Выстава будзе працаваць з 27 сакавіка да 10 красавіка 2015 года.
Наш адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, Кастрычніцкая пл., 1
(Палац Рэспублікі). Тэл.: 327-26-12. Мы працуем: 11.00-19.00.
Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.