Прыхільнікі фільмаў stop-motion (тэхналогіі, вядомай ужо больш за сто гадоў) сабраліся ў Loft-кафэ на прагляд фільмаў – удзельнікаў другога фестывалю Stop-Motion у Беларусі.
Сёлета ў фестывалі ўзялі ўдзел каля двух дзясяткаў аўтараў не толькі з Беларусі, але і з Украіны і Расіі. Гэта значыць, фестываль набыў міжнародны статус.
«Хачу адзначыць працу Яўгена Канаплёва, нашага беларускага фатографа-прафесіянала. З яго відэа пачалася ўся мая любоў да stop-motion, дзякуючы чаму і з’явіўся гэты фестываль. Асабліва цікавыя замежныя студыі, якія даслалі нам свае працы. Для гэтых аўтараў stop-motion – гэта жыццё, прафесія», – гаворыць дырэктарка фестывалю Юлія Фанчан.
Цудоўную музычную атмасферу імпрэзе надалі гурты «Не Аўстралія» (Магілёў), «Рокаш«, Volk і dj Christ, якія выступалі ў перапынках паміж блокамі фільмаў і раздавалі памятныя дыпломы ўдзельнікам.
Тэхналогія stop-motion вядомая нават дзіцяці. Па сутнасці, гэта пакадравая здымка і кампаноўка кадраў. Усе без выключэння мультфільмы створаныя з дапамогай stop-motion. З развіццём лічбавых тэхналогій, калі для рэалізацыі творчых ідэй дастаткова мець пад рукой фотаапарат, stop-motion набывае другое дыханне.
«Асабіста мяне ён прывабіў тым, што гэта своеасаблівая сумесь відэа і фота. Калі я займалася фатаграфіяй, мне чагосьці не хапала, хацелася неяк выйсці за рамкі. У жанры відэа чагосьці новага таксама сказаць складана. А stop-motion, што знаходзіцца на перыферыі гэтых двух мастацтваў, уключае ў сябе ўсе вартасці абодвух відаў і вялікія магчымасці для творчасці – без выкарыстання кампутарнай графікі можна ствараць цікавыя рэчы», – тлумачыць Юлія.
У катэгорыі «Аматарскае відэа» можна адзначыць працы беларускіх стоп-моўшараў: Аляксандры Вішнявецкай, Уладзіміра Селіванава, Юліі Фанчан, Кацярыны Рачынскай (на песню «Батанікаў») і іншых. Аднак гэтыя працы не варта судзіць надта строга.
Частка I. Аматарскае відэа
У «Прафесійным відэа» (замежжа): «Высокае напружанне» Кірыла Паўлава (Санкт-Пецярбург, Расія), «Димок» Рамана Лампекі, Багдана Літвіна, Ксеніі Чарналяхавай (Кіеў, Украіна), “Apple” Паўла Лапарова (Масква, Расія ).
Часка II. Прафесійнае відэа
Быў на фестывалі прадэманстраваны дастаткова вядомы stop-motion ролік пра Беларусь Арцёма Прадко «Беларусь: адзін дзень з жыцця». Але мала хто ведае, што Арцём зняў такую прыгажосць і пра Кіеў, і пра Піцер з Петрадварцом, і пра Маскву.
Часка III. Прафесійнае відэа (Беларусь)
Зарына Кандрацьева



